Юбілей школы сабраў выпускнікоў розных гадоў
Школьныя гады... У кожнага чалавека свае ўспаміны пра школу. Гэта і класы, поўныя дзяцей, і спісаная мелам дошка, і строгія настаўнікі, і школьныя сябры. І чым больш гадоў праходзіць пасля заканчэння школы, тым цяплей успаміны. І, мабыць, кожны з нас хацеў бы хоць на некалькі хвілін вярнуць школьныя гады... У суботу 4 лютага наша школа адсвяткавала свой 60-гадовы юбілей.
На мерапрыемстве было шмат гасцей. Зала з цяжкасцю ўмяшчала ўсіх прысутных: ветэранаў працы і цяперашніх педагогаў, вучняў і выпускнікоў розных гадоў. Павіншаваць школу прыйшлі намеснік старшыні Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Антонавіч Янкевіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аліна Іванаўна Будзько, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Іванаўна Вайцюль, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Аляксандраўна Парфяновіч.
Са сцэны адзін за адным гучалі віншаванні ад тых, хто быў і застаецца шчаслівым ў сценах любімай школы. Запрошаныя з кветкамі і падарункамі спяшаліся павіншаваць педагогаў. Янкевіч Аляксей Антонавіч зачытаў прывітальны адрас ад старшыні Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алега Віктаравіча Морхата, у якім прагучалі віншаванні з 60-гадовым юбілеем і пажаданні працоўнаму калектыву творчых здзяйсненняў, прафесійных перамог, вучням - поспехаў у вучобе і прыкладных паводзін, ветэранам педагагічнай працы і выпускнікам - актыўнага ўдзелу ў справах школы.
Будзько Аліна Іванаўна ад імя аддзела адукацыі, спорту і турызму цёпла павіншавала калектыў школы з юбілеем і ўручыла ганаровыя граматы педагогам. Шчырыя віншаванні ад імя райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі сказала Наталля Іванаўна Вайцюль.
Вельмі эмацыянальнымі былі выступленні выпускнікоў розных гадоў. Дарослыя людзі хваляваліся ля мікрафона, як першакласнікі.
Уся публіка паднялася са сваіх месцаў і працяглымі апладысментамі вітала педагогаў-ветэранаў. З успамінамі пра гісторыю школы выступіў былы яе дырэктар Віктар Якаўлевіч Лабачэўскі. Кранальным было выступленне былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Аліны Мікалаеўны Таракан.
Юбілейны вечар, прысвечаны 60-годдзю школы, выдаўся неверагодна цёплым і эмацыянальным. Выступленні гасцей на сцэне змянялі яркія канцэртныя нумары, падрыхтаваныя вучнямі, выпускнікамі розных гадоў і педагогамі школы.